положа руку на сердце

Для творчасці спрыяльны час настаў

За Нёманам

Неапраўданая самота

Нашаптала самотны снег.

Я душы адчыніў вароты,

Ад самоты за горад збег.

 

У той край, дзе спявае Нёман,

Дзе няспынна чытаюць Псалтыр…

Тут душа сустракаецца з домам,

Тут яна набывае мір.

 

І ніхто не парушыць, не знішчыць

Гэты мір, гэты Нёман, мяне.

Над самотаю ёсць Усявышні

І самота, як снег, — праміне.

 

Тут душа сустракаецца з домам

 

*   *   *

Я кепскі воін —

Дрэнна чышчу зброю,

Я пакідаю зброю абы дзе…

А потым плачу:

“Што са мной такое,

Чаму так цяжка барацьба ідзе?”

І выбіраю грэшны накірунак,

І спадзяюся: кепскае міне…

На крок ад смерці

З Неба

Падарунак:

Бог на руках

Ізноў

Нясе

Мяне.

 

*   *   *

Навучыцца па-іншаму жыць —

Не змагацца з прызначаным лёсам.

А інакш — мы наклічам дажджы

З незагойнае раны Нябёсаў;

Ці ў змаганні мы проста згарым,

І забудзем пра шлях да збавення;

Ці сваё стане раптам чужым,

Прадамо за капейку сумленне.

Ці забудзем, што грошы — вада,

І зямля, як ваду, іх прымае.

А душа?

Там без Бога расце лебяда.

Лебядою душа зарастае.

 

Мы павіны па-іншаму жыць.

 

Навучыцца па-іншаму жыць

 

*   *   *

З Неба падалі вершы

На парванай паперы.

Да зямлі даляцеўшы,

Снегам сталі яны.

Танцавалі ў паветры

З ветрам вечарам шэрым

І знікалі ў абдымках несустрэтай вясны.

І здаваліся казкай

Ліхтароў перамовы,

Гарадскія машыны

Свой складалі сюжэт…

З Неба падалі вершы,

І паэта прасілі

Падабраць на асфальце

Нечаканы санет.

 

*   *   *

А час вясны вядома, што настане,

І новы дзень народзіцца святлом.

І вернецца нам чыстае каханне,

Ад цёмнага ачысціцца наш дом.

 

І чыстаю зямля да Бога ў рукі

Патрапіць. І не будзе больш вайны,

І зла не будзе, толькі ты пастукай

У храм душы і дзверы адчыні

 

Для светлых сіл, вясновага настрою,

Для радасці, якую Бог нам даў.

Упэўнены: мы чысты свет адновім.

Для творчасці спрыяльны час настаў.

 

А час вясны вядома, што настане

 

*   *   *

Зайграе дождж, нібыта на цымбалах

Іграеш ты ў Наваградку старым.

Даўно ўжо сэрца музыку шукала.

І вось знайшло на Замкавай гары.

 

Мелодый родных сэрцу не хапала,

А ў гэты дождж нап’ецца іх спаўна.

Душа мая, нарэшце ты спазнала,

Як восенню вяртаецца вясна.

 

Раніца ў Мінску

А ў горадзе пакуль што цішыня,

І толькі птушак спеў без перастанку.

Мяне ж, як быццам, тут яшчэ няма,

Я там, дзе Свіцязь усміхнецца ранку.

 

Там родны лес, паветра, там зямля,

Як вечны скарб, падараваны Богам.

О, як хачу, Зямля, цябе абняць,

Табе аддаць пакуты і трывогі!

 

А ў горадзе пакуль што цішыня.

Хвіліна-дзве — і вуліца прачнецца.

Жыццё разбудзіць тлум і мітусня...

А сэрца да Наваградка імкнецца!

 

Не пакідай мяне ў дзень апошняй бітвы

 

Анёлу Ахоўніку

Не пакідай мяне

У дзень апошняй бітвы,

Калі душа і цела будуць ваяваць.

Хачу адчуць агонь тваёй малітвы,

Хачу з табой зямлю я пакідаць.

 

На новую прыступку падымацца,

І сорак дзён з табою побач быць…

І не баяцца,

Смерці не баяцца.

Надзею несці:

З Богам вечна жыць.

Зміцер АРЦЮХ

Поделиться с друзьями: